Добавить комментарий
Калі праўда - за меншасцю

У ліпені гэтага года ўвесь свет будзе ўзгадваць пачатак аднаго з самых крывавых ваенных канфліктаў за ўсю гісторыю чалавецтва. Канфлікту, які змяніў свядомасць грамадства. Канфлікту, які перакраіў палітычную мапу Еўропы. Канфлікту, па выніках якога спынілі сваё існаванне тры вялікія імперыі, раней панаваўшыя ва ўсходняй і цэнтральнай Еўропе. Канфлікту, у якім удзельнічаў амаль цалкам увесь свет. Гэты канфлікт мае мноства імёнаў і самае вядомае з іх: Першая сусветная вайна.У Еўропе Першая сусветная вайна набыла найвялікшы размах. Еўрапейскія кіруючыя колы прагнулі вайны, жадаючы павялічыць свой палітычны і эканамічны капітал, павялічыць сваё панаванне ў калоніях, усталяваць гегемонію ў новым свеце. Дзеля гэтага ўлады імкнуліся вызваць істэрыю ў насельніцтва, захмяліць розум рабочых, сялян, мелкіх буржуа квасным патрыятызмам. Зрабіць так, каб пад заслонай патрыятызму яны не ўбачылі тое, што сапраўды нясе ім вайна.
І ў іх гэта атрымалася. Насельніцтва ваюючых краінаў з энтузіязмам сутрэла навіны пра вайну. Патрыятычны настрой захапіў таксама і кіраўніцтва сацыял-дэмакратычных партый. Шавінізм адчуваўся ўсюды, напрыклад, французкая прэса і французы масава ўжывалі замест "немцаў" такія мянушкі як "бошы", "готы", "фрыцы". Насельніцтва ахвяравала на вайну, з нянавісцю адносілася да пацыфістаў, спыніла сваю барацьбу за правы і свабоды. Па ўсім краінам прайшліся праваенные дэманстрацыі. Добра ж папрацавалі аддзелы прапаганды і ваенныя цэнзары!
Заплюўшчыўшы вочы, у патрыятычным экстазе народы Еўропы крочылі ў крывавую мясарубку. Але былі і тыя, хто адмовіўся хмялець і заплюшчваць вочы. Былі і тыя, хто выказаў свае адносіны да вайны, незважаючы на тое, што яны былі адны.
Адзін у полі
2 снежня 1914 года. Райхстаг. Амаль 4 месяцы таму, 4 жніўня 1914 года ўсе дэпутаты, у тым ліку ўся фракцыя сацыялістаў галасавала за ваенныя крэдыты і ў гэты снежаньскі дзень усё мусіць быць гэтак же. Старшыня райхстагу прамовіў: «Спадары дэпутаты, галасуючыя за прадстаўленне крэдытаў на ваенныя патрэбы, прашу ўстаць...» Дэпутаты пачалі ўставаць, і вось ужо перад старшынёй стаіць увесь састаў Германскага парламенту. Але не! Адзін сядзіць з высока паднятай галавой. Адзін галасуе супраць ваенных крэдытаў і супраць вайны. Адзін ідзе супраць сваёй айчыны. Яго імя - Карл Лібкнехт.
"Аднапартыйцам", якія накінуліся на яго, — а Лібкнэхт сваім дэмаршам парушыў партыйную дысцыпліну, — ён прамовіў: "... Размова ідзе пра імперыялістычную вайну, пра вайну за капіталістычнае панаванне на сусветным рынку, пра палітычнае панаванне над каланіяльнымі валоданнямі... Гэта вайна не з'яўляецца для Германіі абарончай вайной". А потым ідзе заява, якую дагэтуль з нянавісцю ўспрымаюць усе трымаючыя ўладу: "Вораг знаходзіцца ва ўласнай краіне!"
Кіраўніцтва сацыял-дэмакратычнай партыі і сябры парламента называлі яго «здраднікам», «вар'ятам», «парушальнікам партыйнай дысцыпліны». Не звяртаючы ўвагу на яго дэпутатскі мандат, урад адправіў яго, 44-гадовага, не прыгоднага па стану здароўя, на фронт. Але і там Лібкнехт прадоўжваў сваю антываенную прапаганду, за што і быў пасля пасаджаны ў турму.
Тады, 2 снежня, Карл Лібкнехт мабыць і быў «здраднікам» для тых дэпутатаў, хто адпраўляў немцаў на вайну, але для немцаў ён здраднікам не з'яўляўся. Ён галасаваў супраць вайны, ён галасаваў за жыццё тых двух мільёнаў немцаў, якія загінулі ў гэтай вайне.
Першая ахвяра
Францыю таксама захапілі шавіністычныя настроі. Але сярод вядомых французкіх сацыялістаў знайшліся тыя, хто адкрыта асуджаў надыходзячую вайну. Адзін з іх, чалавек з трагічным лёсам, заснавальнік вядомай газеты «L’Umanite» (Юманітэ, што значыць «Чалавецтва»), актыўны дзеяч Сацыялістычнай партыі Францыі – Жан Жарэс.
З самага пачатку ён актыўна выступаў супраць вайны і мілітарызму. У 1911г. ён прымаў удзел у Базэльскім антываенным кангрэсе. Пасля, ён узначаліў кампанію супраць праекта закону аб трохгадовай службе ў войску. 25 мая 1913 года ён сабраў грандыёзны, больш за 150 тысяч чалавек, мітынг у рамках гэтай кампаніі.
У 1914 г. ён застаўся верным сваім ідэям і не паддаўся нянавісці, пануючай ва Францыі. Наадварот, ён актыўна прапагандаваў супраць вайны. На мітынгу 25 ліпеня 1914 г., характарызуючы будучую вайну, ён па-прарочы прамовіць: «Якое гэта будзе масавае вынішчэнне, кровапраліццё, спусташэнне, варварства!»
Гэтыя словы ён сказаў за 6 дзён да сваёй смерці. Ён дапускаў той варыянт, што яго могуць забіць за яго дзейнасць, за яго прамовы супраць вайны. Аднойчы ён сказаў: «Ня пройдуць і шэсць месяцаў, як пачнецца вайна. Я атрымліваю столькі лістоў з пагрозамі, што не здзівіўся б, калі б стаў яе першай ахвярай. Я дарую таму, хто заб'е мяне. Вінаватымі будуць тыя, хто дасць яму зброю…»
31 ліпеня 1914г. Жан Жарэс быў забіты нацыяналістам Раулем Вілленам. Пасля, Віллен быў апраўданы судом, а забойства было расцэнена як «уклад у перамогу». У першую сусветную загінула больш за 1 мільён 400 тысяч французаў, — столькі спрабаваў выратаваць Жарэс, але ў які раз сцвердзілася — «галоўны вораг ва ўласнай краіне».
Азіраючыся
Нажаль, нават у XXI стагоддзі ўчынкі тых многіх людзей, што знайшлі ў сабе мужнасць ісці супраць меркавання большасці, тых, хто не звяртаў увагу на «ваенныя пазыкі», «Жалезных Гіндэнбургаў», «Веру, Цара, Айчыну» і іншую прапагандысцкую бязглуздзіцу, не страчваюць актуальнасці. Сёння, калі адна дзяржава прымае рашэнні аб далучэнні шляхам зброі частак іншай дзяржавы, калі адна дзяржава вырашае змяняць шляхам зброі палітычны рэжым у іншай дзяржаве – учынкі Лібкнэхта, Жарэса, Мархлеўскага та іншых становяцца прыкладам таго, як трэба да апошняга стаяць за мір паміж народамі. А выраз «галоўны вораг ва ўласнай краіне» мусіць заўжды паўставаць у галовах сацыялістаў, калі яны чуюць, як дзяржава нацкоўвае розныя народы.
Алексей Кудрицкий



























