Добавить комментарий
Яе ведаюць усе. Пагутарылі з настаўніцай, якая не уяўляе свае жыццё без камунізму

Хто ў аграгарадку Шашкі не ведае былога дырэктара школы і па сумяшчальніцтве настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства Ніну Дубовік?! Вучні любілі яе ўрокі, цанілі дабрыню, сардэчнасць. Сёння жанчына з’яўлецца першым сакратаром раённага камітэта КПБ.
Ніна Дубовік займае актыўную жыццёвую пазіцыю. 33 гады з’яўлялася дэпутатам Шашкоўскага сельскага Савета дэпутатаў.
Ніна Дубовік займае актыўную жыццёвую пазіцыю. 33 гады з’яўлялася дэпутатам Шашкоўскага сельскага Савета дэпутатаў.
За шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Стаўбцоўскага раёна, асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў СКП-КПСС, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства адукацыі БССР, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Мінскага абкама партыі. Удастоена звання «Выдатнік народнай асветы», узнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік таварыства «Веды» СССР».
Лёс Ніны Уладзіміраўны амаль такі ж насычаны, як і яе грамадская дзейнасць.
Не ведала іншых прафесій
Сябе Ніна Дубовік памятае з двух гадоў, калі тата ішоў на фронт, а маці садзілася ў поезд, каб яго правесці. Яе, маленькую, пакінулі з дзядзькам. Увогуле сваё дзяцінства Ніна Уладзіміраўна называе пасляваенным, але цяжкія дні ўпрыгожвалі людзі навокал.
– У нашай кватэры жыла настаўніца Зінаіда Рыгораўна Пятнышава. Я з дзяцінства бачыла, як жанчына накіроўвалася ў школу, пасля прыходзіла дадому і стварала пропісы для дзяцей. Менавіта таму я нават не ведала іншых прафесій. Мой сапраўдны ўзор настаўніка – гэта Зінаіда Рыгораўна. Яна і мяне вучыла чытаць, пісаць. Я пайшла ў першы клас, ужо валодаючы гэтымі навыкамі. Вучылася ў школе з задавальненнем, чытала шмат кніг. Настаўнікі нярэдка ставілі мяне ў прыклад аднакласнікам. На пытанне «Кім ты хочаш стаць?» я з гонарам адказвала, што настаўніцай, як Зінаіда Рыгораўна.
Пачатковую школу Ніна Уладзіміраўна скончыла ў Шашках, з пятага па сёмы клас вучылася ў Гуменаўшчыне, а з восьмага класа – у Стоўбцах. Пасля заканчэння паступіла ў Навагрудскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць «пачатковыя класы». Яго праз два гады закрылі і перанеслі ў Пінск. Ніна Уладзіміраўна скончыла ўжо Пінскае педагагічнае вучылішча. Канчатковую адукацыю жанчына атрымала ў 1969 годзе, пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці «настаўнік гісторыі і грамадазнаўства».
Лёс звязаў з Шашкоўскай школай
– Першая школа, у якой працавала, знаходзілася ў Русаках, але я не засталася там на доўгі час. Атрымалася так, што лёс звязаў мяне з Шашкоўскай школай, дзе я пачала працаваць у 1966 годзе. Менавіта тут паспрабавала ўсе ролі: спачатку была настаўніцай рускай мовы, пасля – арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, а ў выніку стала дырэктарам Шашкоўскай сярэдняй школы. Пасля выхаду на пенсію ўладкавалася на працу сацыяльным педагогам і імкнулася дапамагаць дзецям і іх бацькам.
Большую частку свайго жыцця Ніна Уладзіміраўна аддала выкладанню гісторыі і грамадазнаўства. Яна імкнулася падаваць матэрыял так, каб вучням было па-сапраўднаму цікава слухаць. Жанчына з радасцю і пяшчотай успамінае:
– У класе, дзе я выкладала, лаўкі стаялі літарай «П», была трыбуна. Дзеці выходзілі адказваць за яе. Мне было цікава не тое, як вучні пераказваюць прачытанае, а як разумеюць і адчуваюць яго. Сістэма ацэньвання была не зусім звычайная: я ставіла адзнаку за ўменне правільна задаць пытанне. На маіх уроках абавязкова былі палітычныя пяцімінуткі. Вучань мог, напрыклад, не вывучыць пэўную тэму, але да пяцімінуткі павінен быў падрыхтавацца.
Ніна Уладзіміраўна выхоўвала не проста разумнае, а палітычна падкаванае пакаленне. Яна прызнаецца, што падыходзіла да сваёй працы з усёй душой, менавіта таму даволі часта чула словы пахвалы і бязмернай удзячнасці ад сваіх вучняў.
– Мае вучні на зубок ведалі палітычную карту, чыталі мастацкую літаратуру. Настольнымі былі такія кнігі, як «Как закалялась сталь» А. Астроўскага, «Молодая гвардия» А. Фадзеева і многія іншыя. Падчас урокаў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны, вучні прыводзілі мне ў якасці прыкладаў цэлыя ўрыўкі са знакамітых кніг. Вельмі важна было бачыць і адчуваць, што ім гэта па-сапраўднаму падабаецца.
Ніна Уладзіміраўна працавала ў Шашкоўскай школе да 2006 года.
Камуніст да мозгу касцей
– Я заўсёды была вельмі актыўнай і выступала за Камуністычную партыю. Менавіта таму ў вобласці мяне заўважылі. У некаторых кіраўнікоў я нават у тэлефоне запісана як «Камуністка». Усё ж такі Камуністычная партыя правераная часам, бо нават у Вялікую Айчынную вайну камуністы былі наперадзе.
Жанчына таксама актыўна падтрымлівае сацыяльна арыентаваную палітыку нашай краіны. Ніна Уладзіміраўна заўсёды імкнецца дапамагаць людзям, клапаціцца пра іх. Дзякуючы ёй мясцоваму жыхару і дырэктару ААТ «ТБЗ «Нёман» Міхаілу Камейшу каля сельскага магазіна быў устаноўлены камень з надпісам на мармуровай дошцы «Вугалок роднай зямлі, дзе нарадзіліся я і ты». У суседнай вёсцы Дудкі жанчына выступае за акультураванне крыніцы з жывой вадой. Ніна Уладзіміраўна прымае актыўны ўдзел у розных акцыях і мерапрыемствах раёна і вобласці, мітынгах. Расказвае, што ЦК КПБ цесна супрацоўнічае з БРСМ, БРПА. Таксама арганізацыя стварыла медаль «Сто гадоў Камуністычнай партыі», якую можа атрымаць кожны, хто ўступіць у яе рады.
Ніна Уладзіміраўна лічыць, што чалавек павінен пакінуць нешта пасля сябе. Яе жыццёвы прынцып – у наступных словах: «Прыгажосць не вечная, а дабрыня – назаўжды».
Будучае –у нашых руках
– Я лічу, што вельмі правільным рашэннем было 2023 год аб’явіць Годам міру і стварэння. Вайна калечыць лёсы людзей – так нельга. Безумоўна, будучае нашай краіны – гэта моладзь. Сучаснае пакаленне не такое, як наша, але яго прадстаўнікі падрыхтаваныя, эрудзіраваныя, імкнуцца знайсці сябе. У іх асаблівая харызма. Я веру, што моладзь стане прадаўжальнікам тых ідэй, якія былі закладзены папярэднімі пакаленнямі. Менавіта тады Беларусь заўсёды будзе мірнай дзяржавай і працягне ствараць, ствараць і ствараць!
Алёна КАЛКОЎСКАЯ
Подписывайтесь на Telegram-канал Компартия ☭ Беларуси и Telegram-канал Полит |Z| Просвет, чтобы не пропустить самые актуальные новости!



























