На брацкіх магілах не ставяць крыжоў

На стыку Быхаўскага і Рагачоўскага раёнаў, дзе цячэ хуткаплынная рака Друць, месціцца невялікая вёска Хамічы. Ад яе да бліжэйшага лесу па ўкатанай гравійцы рукой падаць. Калі ж павернеш у левы бок ды пройдзеш альбо праедзеш па ўтравелай дарозе ляснога масіву недзе з кіламетр, на першай жа развілцы ўбачыш высокі драўляны слупок, да якога прымацавана дошчачка з надпісам: “Воинские захоронения”.
Зноў паварот налева і з левага боку, сярод гонкіх меднаствольных сосен, кучаравых бяроз, чые вершаліны цягнуцца да ласкавага красавіцкага сонца, заўважаеш могілкі з сціплымі, пафарбаванымі ў блакітны колер абеліскамі і чырвонымі зорачкамі на іх. А на ўскрайку ўзвышаецца гранітны помнік з выбітымі на ім многімі прозвішчамі, імёнамі.
Гэта па сутнасці брацкая магіла, хаця на асбных абелісках, іх тут 15, можна бачыць таблічкі з прозвішчамі загінуўшых воінаў у 1944 годзе, калі наступаючыя савецкія войскі вызвалялі Быхаўшчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Між іншым тут, 24 чэрвеня 1944 года, ў баі за ўпамянёную вёску Хамічы будучы Герой Савецкага Саюза, камандзір кулямётнага разліку 856-га стралковага палка Сідар Кульбашны прабраўся з кулямётам да варожых пазіцый на 40-50 метраў і адкрыў па гітлераўцах знішчальны агонь. Там пачалася паніка, многія заляглі. Такім чынам была сарвана контратака немцаў з фланга, але заўважыўшы смелага кулямётчыка, яны пачалі страляць па ім. Тады разлік умелым манеўрам перамясціўся на іншую зручную пазіцыю. Адтуль прыцэльнымі чэргамі знішчыў два станкавыя кулямёты разам з разлікамі, разлік гарматы, захапіў у палон чатырох гітлераўцаў. За гэта і быў прадстаўлены да самай высокай узнагароды, якую атрымаў 24 сакавіка пераможнага 1945 года.

Тое ж самае заўважаеш на могілках прыкладна за паўсотню метраў далей, але ўжо з правага боку дарогі: узвышаюцца такія ж самыя абеліскі з чырвонымі зорачкамі, толькі на адзін абеліск меней, дзе-нідзе на іх таксама ёсць таблічкі з прозвішчамі пахаваных абаронцаў Айчыны. І стаіць такі ж самы помнік з выбітымі прозвішчамі пахаваных тут байцоў, камандзіраў. Іх вельмі многа.
На тых могілках адразу звярнуў увагу на фотаздымак камандзіра гарматнага разліку старшага сяржанта Лыкава, узнагароджанага двума медалямі “За адвагу”, ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені (пасмяротна), на гэтых — на таблічку з кароткім надпісам: “Капитан Рязанов”.
Той дзень выдаўся ясным, сонечным і мы, а гэта ветэраны працы, члены раённай арганізацыі Кампартыі Беларусі Міхась Казлоў (на здымку), які зараз узначальвае раённы Савет ветэранаў, член абкама і Цэнтральнага Камітэта КПБ Сяргей Жураўскі, а таксама Мікола Кавалёў, Васіль Ганчароў, Уладзімір Васільеў і аўтар гэтых радкоў. З сабою мы прывезлі новыя абеліскі, зробленыя рукамі ветэранаў працы камуніста Анатоля Кірэева і Аляксандра Лейчанкі, які працуе ў лясгасе, а таксама рыдлёўкі, граблі, іншы неабходны інструмент, прапітку для драўніны, каб падоўжыць тэрмін “жыцця” новых абеліскаў.
І пачалася работа. Знялі спрахнелыя ад знаходжання доўгі час у сырой зямлі старыя абеліскі (на здымку), замянілі іх новымі, пазначылі тыя, дзе потым трэба будзе прымацаваць знятыя таблічкі, сабралі і знеслі з могілак леташнюю сухую лістоту.
У наступны раз прыедзем ды замацуем на кожным абеліску пафарбаваныя дома ў чырвоны колер зорачкі, пафарбуем непасрэдна на месцы ўсе 29 устаноўленых абеліскаў, ачысцім шчоткамі па метале ўстаноўленыя вакол могілак агароджы, на якіх ужо адслаілася старая фарба, а затым, дзе трэба, скарыстаем электразварачны апарат. І толькі пасля гэтага зноў іх пафарбуем.
Намечанае будзе зроблена да Дня вялікай Перамогі 9 мая.

Мікола Леўчанка,
ганаровы грамадзянін Быхаўскага раёна,
член Камуністычнай партыі Беларусі.




























Добавить комментарий