Паэт і грамадзянін зямлі беларускай (Да 100-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова)

Каго з нас ў жыцці хоць раз не захапляла і магнетычна не зачароўвала музыка і праніклівыя словы знакамітай песні «Алеся» ў выкананні беларускага ансамбля «Песняры» з яе мілагучнымі зачыннымі радкамі:
Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая,
Чаму так горка? Не магу я зразумець…
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
І не кожны ведае, што словы гэтай песні, прасякнутай глыбокім сардэчным болем лірычнага героя пад час растання з каханай дзяўчынай, належалі ўсяго толькі чатырнаццацігадоваму юнаку, ранні мастацкі талент якога змог з такой філіграннай амаль фізічнай дакладнасцю і тонкасцю душэўнага перажывання перадаць роспач, смутак і высакароднасць жыццёва-неспатольнага хлапечага сардэчнага болю і расчаравання ад першай любоўнай калізіі жыцця. А якім духоўным гімнам узвышанаму пачуццю кахання гучаць апошнія акордныя радкі гэтага твора:
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Увесь свой магутны, рана расквітнеўшы талент паэта Аркадзь Куляшоў прысвяціў служэнню свайму народу, любай Бацькаўшчыне, чые радасці і перамогі гора і трывогі ўспрымаў заўсёды блізка да сэрца з ўсёй моцай сваго творчага парывання і натхнення.
Разам з тым Аркадзь Куляшоў адначасна быў і шчырым патрыётам сваёй Радзімы – СССР, адданым сынам новай савецка-сацыялістычнай эпохі, якая ўпершыню ў свеце ўзнесла на пастамент чалавека працаўніка, чалавека з высокімі гуманістычнымі парываннямі да справядлівасці, высакароднасці і развіцця.
Нарадзіўся паэт у сям'і настаўнікаў 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскй вобласці ў трагічны для ўсяго чалавецтва час – пачатку Першай сусветнай вайны. Менавіта пад знакам дзвюх сусветных войн найбольш сябе і выявіла ХХ стагоддзе, калі выразна актывізаваліся найбольш агалцелыя і разбуральныя сілы нянавісці, лютасці да свабодалюбівай сутнасці чалавечага існавання чалавечай духоўнасці і салідарнасці.
Лірычны герой яго шматлікіх ранніх вершаваных твораў – гэта чалавек адкрытай душы да іншага чалавека, дзе пануе шчырае пачуццё даверу, спагады і нясцерпнай прагі да гармоніі свету і самаўдасканалення.
Святло і цеплыня душы, трымценне няўрымслівага сэрца, чысціня і адказнасць чалавечага розуму становяцца для маладога паэта праваднікамі ў спазнанні прыроднага і сацыяльнага свету рэчаіснасці. Так у адным з сваіх вершаў пад назвай «Воблака(1939)», творца з натуральнай дакладнасцю перадае ўнутраны цудадзейсны настрой ранішняй рыбалкі, дзе прырода і лірычны герой твора зліваюцца ў адзіным рытме існавання і суперажывання.
Стаіў дыханне. Цішыня…
Убок рукой умелай
Я падсякаю галаўня,
Цягну з хмарынкі белай.
Вада ў кругах, вада ў кругах,
І неба ў ёй не тое…
А воблака? Яно ў руках
Трапечацца жывое.
На пачатку творчасці ў 30-40 гады ХХ стагоддзя ў лірыцы маладога паэта дамінуюць рамантычна-ўзнёслыя тэмы, прысвечаныя жыццю савецкай моладзі, дзе паэтызуюцца такія юнацкія парыванні такія як сяброўства, давер, узаемадапамога, інтымныя эмоцыі, пачуцці і перажыванні аб першым, часцей нераздзеленым каханні.
Аднак паралельна з гэтым у паэзіі Аркадзя Куляшова гэтага перыяду ўжо прыкметны праявы закранання глыбока сацыяльнай і філасофскай тэматыкі, дзе пераважаюць ужо матывы і роздумы аб сэнсе жыцця, аб сваім грамадзянскім прызванні і адказнасці прад людзьмі, народам, Радзімай.
Асабліва паказальным выступае у гэтым ракурсе з'яўляецца верш «Мая Бесядзь» (1940), дзе патрыятычна настроены юнак імнецца з усёй моцай сваёй натхнёнай натуры перадаць крэда свайго паэтычнага і жыццёвага прадвызначэння і служэння.
Бо прагай да працы ахоплены часта я,
І сэрца абпалена смагай радка,
Бо жыць не магу,
Як каня няшчасная,
Кропляй жажджу з лесавога лістка.
Выкарыстаўшы вядомы фальклорна-казачны матыў аб «няшчаснай і праклятай птушкамі кані-кнігаўкі», якая вымушана з-за сваёй ганарлівасці і ляноты, спатольваць сваю смагу толькі схопліваючы кроплі вады з лісткоў дрэў. Паэт выразна дае зразумець нам у чым ён бачыць праўду жыцця і каштоўнасць чалавечага існавання. А яна, па яго разуменню, у добрасумленнай працы, у сяброўскім калектывізме, у спагадзе да кожнага хто прыносіць дабрыню, карысць і радасць іншым.
Па-дыяпазону, вельмі разнастайны тэматычна і шматаблічны ў стылістычнай і жанравай распрацоўцы патрыятычны пафас паэзіі А. Куляшова, які ва ўсю моц раскрыўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як вядома паэт ужо ў першыя дні вайны ўступае ў Чырвоную Армію і пасля сканчэння ваенна-палітычнага вучылішча працуе караспандэнтам армейскай газеты «Знамя Советов».
Квінтэсенцыяй яго ваеннай лірыкі можна лічыць паэму «Сцяг брыгады» напісаную ў форме франтавога дзённіка байца. За гэты твор паэу была прысуджана Дзяраўная прэмія. Тэма змагання, подзвігу, помсты ворагу за ўчыненыя ім злачынствы, матыў адданасці ідэалам ранейшага сацыялістычнага мірнага жыцця становіцца важнейшай рысай лірычнага голасу песняра.
У структурна-паэтычным плане паэт змог распрацаваць сваю адметную жанрава-стылістычную вершаваную форму ў перадачы трагічна-драматычных падзей вайны, такой формай стаў індывідуальна-адметныя вершы-балады. Прыгадаем толькі некаторыя з іх «Над брацкай магілай», «Балада аб чатырох заложніках», «Камсамольскі білет»…
Так ў апошняй з названых балад галоўнаму герою твора юнаку-камсамольцу вораг жандарм прапаноўвае, здавлася вельмі выгодны размен –за знішчэнне камсамольскага білета даруецца жыццё. Жандар па логіцы свайго светаўспрымання амаль упэўнены ў выгоднасці і безальтэрнатыўнасці дадзенай прапановы.
Вось і білет твой, - сказаў ён ласкава, -
І ад яго на вачах у людзей
Ты адцурайся; выгодная справа:
Жыць застанешся, - жыццё даражэй.
Камсамолец адмаўляецца ад розных варыянтаў расправіцца, са здавалася, простым прадметам, кніжачкай. І пагэтаму гераічна гіне ад рук ворагаў, будучы закатаваным «вадой студзяною».
У наш сенняшні час калі метафізічны каркас жыцця даў глыбокую трэшчыну, шмат каму думаецца, што камсамолец дарэмна не прыняў прапанову жандара-фашыста.
Большая частка сучаснай так званай дэмакратычнай прэсы пастаралася за апошнія 20 год амаль поўнасцю пераканаць людзей ў тым, што толькі змаганне за камфорт і радасць целесную і ёсць той асноўны сэнс жыцця, за які толькі і трэба трымацца, а ўсё астатняе ёсць абстрактная бязглуздзіца, «ружовы туман».
Гэтыя тэарэтыкі «чачавічнай пахлёбкі» зрабілі ўсё, каб з нашага жыцця вытравіць праявы і сутнасць паняццяў подзвіг і гераізм і назваць нармальным і сапраўдным такое існавання індывіда, якое выразна паніжае планку яго чалавечай годнасці, робіць чалавека заложнікам сваіх толькі цялесна-пачуццёвых здавальненняў і спіхвае людзей у прорву жывёльнага існавання.
Так, можна спрачацца аб тым, ці заўсёды апраўданы той ці іншы гераічны ўчынак і якія матывы яму папярэднічаюць, але калі ў жыцці наогул не будзе месца подзвігу, ці можам мы такое жыццё назваць чалавечым.
Сёння асабліва злапыхацельныя пратаганісты і радзецелі «новых каштоўнасных ідэалаў» вельмі актыўна жадаюць нам навязаць думку аб тоеснасці і амаль індэнтычнасці паняццяў камунізм і фашызм, каб крыху пазней у палітычна-прававым аспекце зрабіць новы Нюрбергскі працэс над пераможцамі фашызму, і гэтым самым падспудна рэабілітаваць цемрашальска-гнастычны варыянт развіцця для большай часткі Чалавецтва, яркім выразніком якога і з'яўляўся фашызм – перадавая кагорта чалавеканенавіснай буржуазнай ідэалогіі антыгуманізма.
Фашызм гэта філасофія нявер'я чалавека ў чалавека, якая адмяняе працэс развіцця, і прагна імкнецца спыніць яго «новым рымам-рэйхам», тым самым адначасна спыніць працэс узвышэнне чалавечай асобы, праз розныя эсхалатычныя тэорыі «завяршэння і знікнення гісторыі» і найбольш клапоцячыся пра магчымасць асабітага выжывання «залатога міліярда», каб найперш задаволіць свае ўсё ўзрастаючыя вычварэнскія, сада-мазахісткія амбіцыі. Ці нам аб гэтым забываць?
Ненажэрны сусветны капіталістычны монстр ХХ стагоддзя рабіў ўсё, каб натравіць і сутыкнуць свайго фашысцкага выкармыша на краіну Саветаў з яе камуністычнымі ідэаламі, каб найхутчэй пазбавіцца ад свайго галоўнага метафізічнага і цывілізаванага ворага, а па Марксу свайго магільшчыка.
У гады ІІ Сусветнай вайны гэта не ўдалося, але на прыканцы ХХ стагоддзя, у нейкай меры, часовы рэванш адбыўся. Чалавецтва ў небяспецы. Ці не пра гэта папярэджваў нас яшчэ ў далёкія 40-я А. Куляшоў у сваім знакамітым вершы «Камуністы» (1948) напісаным да 100-ддзя выхаду «Маніфеста Камуністычнай партыі».
Камуністы – гэта слова, як са сталі,
Камуністы – гэта слова, як з агню.
Маркс і Энгельс нам імя такое далі
Сто гдоў таму назад упершыню.
Гэтым словам, гэтым імем самым чыстым
Самых блізкіх мне я клічу не адзін,
Я хачу, каб называўся камуністам
Родны сын мой, а таксама сынаў сын.
Пасля перамогі над авангарднымі сіламі капіталістычнага д'ябальскага свету паэт мог годна сказаць слова пра камуністаў свайго і мінулага пакаленняў. Больш таго ён быў амаль упэўнены, што слаўныя традыцыі і справы сваіх папярэднікаў прадоўжаць іх нашчадкі.
І хоць гісторыя не заўсёды мае прамыя шляхі для ўвасаблення лепшых чалавечых ідэалаў, яна імкнецца заўсёды ўтрымліваць іх вялікі духоўны патэнцыял у сваіх глыбінных пластах жыцця людзей. Будзем спадзявацца, што паэзія і жыццё А. Куляшова будзе адным з важных чыннікаў для нас беларусаў у служэнні дабру, справядлівасці і свабоды кожнага чалавека і Чалавецтва ў цэлым.
Номер газеты:




























Добавить комментарий